ГАНСА́ЛВІС ДЫ́ЯС

(Goncąlves Dias) Антоніу (10.8.1823, г. Кашыяс, Бразілія — 9.11.1864),

бразільскі паэт, драматург. Прадстаўнік рамантычнай паэзіі, адзін з першых індыяністаў. У яго творчасці класічныя формы спалучаны з нац. тэматыкай. Звяртаўся да гісторыі, быту і фальклору індзейцаў: зб-кі «Першыя песні» (1846), «Другія песні» (1848), «Апошнія песні» (1851), паэма «І Жука—Пірама» (1851) і інш. Пафас яго паэзіі — захапленне прыгажосцю роднай краіны, высакародствам яе спрадвечных жыхароў (індзейцаў), суровай чысцінёй іх звычаяў. Яго патрыятычная, прыродаапісальная і інтымная лірыка часам прасякнута трагічным светаадчуваннем (вершы «Песня выгнання», «Калі паміраюць ад кахання...» і інш.). У зб. «Сексціны брата Антона» (1848), п’есах «Паткуль», «Беатрычэ Чэнчы» (абедзве 1843), «Донна Леанор ды Мендоса» (1847) адлюстраваў побыт сярэдневяковай Еўропы. Вядомы як гісторык, этнограф і мовазнавец.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)